Мае эмоцыі
Навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Cвятыняў”, якая папярэднічае штогадоваму святу беларускага пісьменства і ладзіцца сёлета дваццаць пяты раз, як на мой погляд, унікальны шанс для паяднання духоўных інтарэсаў розных сацыяльных груп нашага грамадства. З аднаго боку — магчымасць яе ўдзельнікаў не адрывацца ад рэальнага жыцця, бачыць яго ў самых розных праявах, у тым ліку стасавацца з тымі некалі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, якія з-за ўзросту і фізічнага здароўя страцілі гэтую здольнасць. З другога боку — экспедыцыя запальвае агеньчык надзей, спадзяванняў і аптымізму найперш у гэтых, нямоглых сёння, людзей, якія не павінны быць выкраслены з актыўнага грамадскага жыцця. Як важна і патрэбна і ім даць надзею, падтрымаць, заахвоціць. Таму кожны год і ўключаюцца ў праграмы экспедыцыі сустрэчы ў дамах састарэлых, у хоспісах, бальніцах, дзіцячых дамах. А паколькі экспедыцыя — з’ява рухомая, кожны год праходзіць па новых мясцінах, то можаце сабе ўявіць, колькі новых надзей і станоўчых эмоцый запаліла яна ў людскіх сэрцах за гады свайго падарожжа па краіне.
Гэта адна катэгорыя нашых слухачоў і гледачоў.
А для ўсіх іншых сустракальнікаў з удзельнікамі экспедыцыі, і найперш у самых аддаленых вёсках і вёсачках, ды нават у многіх гарадах і мястэчках — непаўторная магчымасць на свае вочы ўбачыць і на свае вушы пачуць вядомых на ўсю Беларусь прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, багасловаў, якіх да гэтага мо ніколі не бачылі і не чулі, акрамя хіба што па тэлебачанню.
А гэта ж не проста сустрэчы. Гэта шчырыя і даверлівыя гаворкі, размовы, часам нават дыскусіі. За гады свайго ўдзелу ў экспедыцыі я зразумеў іхнюю надзвычайную каштоўнасць і патрэбнасць. Не, не так для арганізатараў, як для непасрэдных удзельнікаў з абодвух бакоў.
А што асабіста для мяне экспедыцыя “Дарога да Святыняў”?
Найперш — магчымасць духоўнага ачышчэння. І яшчэ — магчымасць прычашчэння. Высокія словы? Не, для мяне гэта самая рэальная рэальнасць. Калі ты з вялікага, шумнага і тлумнага горада апынаешся не толькі ў сельскай цішыні, а часта ў цішыні бальнічных палат, дзе ляжаць хворыя, у пакоях малагаваркіх дзетак, якіх пакінулі і кінулі неразумныя бацькі, ты зусім па-іншаму пачынаеш разумець і цаніць магчымасць чалавечых стасункаў, ды і само паняцце чалавечнасці становіцца не тэарэтычна-нявызначаным тэрмінам, а самай што ні ёсць аб’ектыўнай рэальнасцю. Дык хіба гэта не магчымасць ачышчэння?
Не, я, вядома, не за сустрэчы выключна ў сацыяльна напружаных аўдыторыях, але скідваць іх з рахунку ні ў якім разе нельга. Нельга! Людзі ж усе роўныя перад Богам. Дык нашто пазбаўляць іх магчымасці не страціць гэтага адчування, навошта штучна аддаляць іх ад “высокага” культурнага жыцця, нашто праводзіць у душах мяжу паміж здольнымі і няздольнымі? Бо заўсёды падчас экспедыцыі было так (тое застаецца і да гэтага часу), што галоўныя, найбольш частыя і прадуктыўныя сустрэчы адбываюцца ў школьных і студэнцкіх аўдыторыях, у бібліятэках, дамах культуры, музеях, дзе праходзяць не проста мерапрыемствы дзеля галачкі, а найцікавыя канферэнцыі, круглыя сталы, дыскусіі па самых актуальных тэмах развіцця найперш беларускай культуры і мастацтва, на рэлігійную тэматыку. Тысячы такіх сустрэч адбыліся за гады экспедыцыі. Тысячы!
І не варта забывацца, што ўсе гэтыя гаворкі не абмінаюць, здавалася б, не надта папулярную і шырока вядомую, але ж неад’емную тэму нашага жыцця, рэлігійную. У такім паяднанні яшчэ адна карысная старонка нашай экспедыцыі. Аб гэтым сведчаць і шматлюдныя хрэсныя ходы, і службы ў цэрквах, і пасадка Садоў малітвы каля наведаных экспедыцыяй храмаў.
Але я адхінуўся ад сваёй асабістай ацэнкі майго ўдзелу ў экспедыцыі.
Хіба гэта не ачышчэнне, калі бачыш ад шчасця слязлівыя і пранізаныя нейкім незвычайным святлом вочы прыгорбленых жыццёвымі мітрэнгамі, але не падуладных нядобрым абставінам бабулек, у парэпаных пальцах якіх цепляцца пакуль што кволыя, але штогод усё больш моцныя пальчыкі іхніх унукаў, з якімі яны прыходзяць на сустрэчы, на хрэсны ход, на службы ў цэрквах. І вельмі-вельмі кранальна назіраць, як гэтыя, маладыя і састарэлыя рукі беражліва захінаюць ад неспадзеўнага ветру прасветлена-яркія ў вечаровым сутонні агеньчыкі свечак і лампадак, запаленыя ад лампады з Дабрадзейным агнём ад Труны Гасподняй. Хіба не дабрэе ў такія моманты і не ачышчаецца ад нядобрага твая душа? Мая — так!
Не раз думаў пра тое, якое надзвычайнае значэнне для многіх і многіх людзей мае гэтая прывезеная нашай экспедыцыяй на месцы сустрэч лампада са Святым Агнём. Для нас — мо просты і звычайны акт і факт. А для сотняў і тысяч тых людзей, якія гэтыя святыя і ачышчальныя для іх светлячкі беражліва нясуць у свае кватэры, хаты і дамы, каб захоўваць там, маючы магчымасць спазнаць ўсеагульную і агульначалавечую радасць далучэння да адной з найвялікшых святыняў праваслаўнага свету — Дабрадзейнага святла Хрыстовага, якое прыйшло да кожнага з іх з дапамогай экспедыцыі ажно з Іерусаліма.
Калі бачыш гэтыя прасветленыя радасцю вочы і твары, хіба можаш быць абыякавым? Хіба могуць быць сляпымі твае вочы, глухімі твае вушы?
Гэта і ёсць тое маё асабістае ачышчэнне, якое і мяне кранае да слёз. Ачышчэнне шчырасцю, чалавечнасцю, дабрынёй, спагадлівасцю і саміх удзельнікаў экспедыцыі, і тых, хто з імі сустракаецца. І зноў жа, не раз пераконваўся: якія ж таленавітыя, працавітыя і цягавітыя нашыя людзі. Людзі, што жывуць на нашым агульным Святым Полі — на нашай Беларусі. Хай для некага гэтыя словы пададуцца занадта напышлівымі, гучнымі, а для мяне гэта самая сапраўдная праўда. Праўда, падмацаваная падчас экспедыцыі “Дарога да Святыняў”.
Ёсць і яшчэ адна праўда, якой я не перастаю наталяць сваю душу. Гэта — тыя незвычайныя эмоцыі, якія выяўляюцца ў людзей падчас сустрэч з удзельнікамі нашай экспедыцыі. Прызнаюся, што варта было адзін раз убачыць іскрыстасць прымружаных вачэй нязменнай і нястомна-актыўнай удзельніцы нашай экспедыцыі народнай артысткі і па званню і па сваёй артыстычнай і чалавечай сутнасці Марыі Захарэвіч, прыкмеціць унутраную затуманенасць яе вачэй ад невымоўнага болю за лёс іншых, каб адчуць і зразумець тыя эмоцыі, якія ўжо ніколі не выветрацца з маёй душы. Уяўляю, што значаць такія сустрэчы для тых “простых” людзей, якія доўга-доўга не адпускаюць Марыю Георгіеўну, зноў і зноў хочуць чуць яе пяшчотна-супакаяльны голас, услухоўваюцца ў шчыра-прыязныя словы артысткі, якая гэтулькі беларускіх вершаў прывезла ажно з самога Мінска і вядзе гаворку з прысутнымі тут вельмі даверліва, проста — вочы ў вочы. Калі яшчэ надарыцца такая магчымасць?
Гэткія эмоцыі пануюць не толькі падчас сустрэч з Марыяй Захарэвіч. Адчуваў я іх і тады, калі з людзьмі нязмушана гутарку вялі паэты Міхась Башлакоў, Вадзім Спрынчан, Ніна Загорская, Яўген Пясецкі (ён жа вядомы ў краіне фотамастак), вядомы даследчык нашай даўніны, знаны археолаг Пятро Лысенка, дбайныя літаратуразнаўцы з Нацыянальнай акадэміі навук Сцяпан Лаўшук і Ігар Шаладонаў, святар, навуковец і выдатны знаўца беларускай гісторыі і літаратуры Сергій Гардун і шмат хто яшчэ. Бо, напэўна, кожны з тых удзельнікаў экспедыцыі, хто асмельваецца браць слова на сустрэчах, аддае ўвесь запал сваёй натуры, усе свае здольнасці прамоўцы дзеля таго, каб як мага паўней данесці да людзей сэнс таго, што хвалюе яго самога і што становіцца прадметам супрацы і ў Мінску, і ў іншых гарадах нашай краіны. Нездарма экспедыцыя — агульнарэспубліканская, і нават міжнародная, яе ўдзельнікамі не раз былі прадстаўнікі іншых краін.
І хораша становіцца на сэрцы, калі разумееш, што наша працяглая ў часе і ў прасторы дарога да святыняў не шараговая акцыя, не даніна модзе, а патрэбная людзям (найперш людзям з глыбінкі) справа, што пасля нашых сустрэч і іхняя дарога да святыняў стане хоць трошкі карацейшай.
Анатоль БУТЭВІЧ,
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь у 1992 – 1994 гадах,
Міністр культуры і друку ў 1994 – 1996 гадах
22.08.2018